Святлана Ціханоўская ўручыла Святлане Алексіевіч «Крыж Адраджэння»
1 марта 2025 в 1740837900
Мстислав Журавлёв / «Зеркало»
Дэмакратычная лідарка Беларусі Святлана Ціханоўская сустрэлася з нобелеўскай лаўрэаткай Святланай Алексіевіч у Вільні і ўручыла ёй сімвалічную ўзнагароду - Крыж Адраджэння Беларусі.
Узнагарода Аб'яднанага пераходнага кабінета прысуджаная беларускай журналістцы, пісьменніцы, лаўрэатцы Нобелеўскай прэміі па літаратуры за шматгадовую працу, значны ўнёсак у нацыянальнае адраджэнне і развіццё Беларусі праз дзейнасць у сферы культуры, паведамляе прэс-служба АПК.
Падчас сустрэчы ў літоўскай сталіцы кіраўніца Кабінета Святлана Ціханоўская і Святлана Алексіевіч абмеркавалі лёс беларускіх палітвязняў, важнасць адвакатавання іх вызвалення і ролю жаночага лідарства ў беларускай палітыцы.
«Мы часта кажам пра палітыку, эканоміку, пра міжнародную падтрымку. Але нам таксама патрэбныя моцныя галасы нашых культурных дзеячаў, каб не страціць сябе ў цяжкія часы. Культура - гэта наш істотны інструмент у змаганні за незалежнасць і свабоду», - падкрэсліла Святлана Ціханоўская.
Суразмоўцы таксама абмеркавалі важнасць салідарнасці і захавання еднасці беларускага грамадства, а таксама сітуацыю ва Украіне і яе значэнне для будучыні Беларусі.
Святлана Алексіевіч - першая беларуская пісьменніца, узнагароджаная Нобелеўскай прэміяй па літаратуры ў 2015 годзе «за шматгалосую творчасць - помнік пакутам і мужнасці ў наш час». Яе творы перакладзены больш чым на 19 моў свету.
Крыж Адраджэння Беларусі (братоў Луцкевічаў) - узнагарода, распрацаваная Геральдычнай радай пры Аб'яднаным пераходным кабінеце. Ёй узнагароджваюцца асобы за адданасць інтарэсам беларускага народу і значны ўклад у развіццё беларускай культуры. Першай у 2024 годзе гэтую ўзнагароду атрымала старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла. Сярод узнагароджаных таксама беларускі журналіст і грамадскі дзеяч Яўген Вапа і доктар гістарычных навук, старшыня Беларускага гістарычнага таварыства ў Польшчы Алег Латышонак.
Напярэдадні Святлана Алексіевіч правяла ў Вільні сустрэчу з беларусамі - «Люстэрка» пераказала найбольш цікавыя моманты.