Аляксандр Лукашэнка акрэсліў, на што замежныя акцыянеры ў беларускіх кампаніях могуць выдаткоўваць свае даходы. Гаворка пра кампаніі і фізічных асоб з «недружалюбных» дзяржаваў. Адпаведны ўказ апублікаваны на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.
Аляксандр Лукашэнка ўвёў абмежаванні «на ажыццяўленне фінансавых аперацый
па атрыманні замежнымі ўдзельнікамі, уласнікамі маёмасці прыбытку і (або)
дывідэндаў». Імаверна, гэта датычыць акцыянераў, якім забаранілі выводзіць свае сродкі з Беларусі.
Для гэтага ўсе беларускія кампаніі, якімі валодаюць замежнікі з «недружалюбных» краін або калі такія людзі ўваходзяць у склад акцыянераў, павінныя адкрыць спецыяльныя рахункі ў беларускіх рублях у адным з айчынных банкаў. На гэтыя рахункі кампаніі абавязалі адпраўляць прыбытак і дывідэнды, і ўжо з іх на іншыя створаныя там жа рахункі пераводзіць выплаты такім замежнікам.
Гэтыя сродкі можна выдаткоўваць толькі на пэўныя мэты:
- на фінансаванне рэалізацыі інвестыцыйных праектаў на тэрыторыі Беларусі;
- на пагашэнне пазыкаў па крэдытах Банка развіцця і камерцыйных банкаў, у адпаведнасці з рашэннямі Лукашэнкі;
- на набыццё пэўных дзяржаўных каштоўных папер беларускага ўрада;
- на размяшчэнне ў безадклікальныя банкаўскія ўклады (дэпазіты) не менш чым на год у банку, дзе адкрыты такі спецыяльны рахунак;
- на іншыя мэты, узгодненыя з урадам.
Нагадаем, у лістападзе 2022 года ў Беларусі істотна абмежавалі правы замежных уладальнікаў кампаній, уключаных у пералік юрыдычных асоб, замежным удзельнікам якіх забараняецца распараджацца акцыямі без дазволу ўладаў. Такія кампаніі не могуць рэарганізоўваць, з іх нельга выходзіць, а органам улады забаронена рэгістраваць адпаведныя змены ці новыя юрыдычныя асобы пасля рэарганізацыі.
З 31 ліпеня гэтага года Беларусь абнавіла спіс прычын, з якіх будзе ўводзіць санкцыі супраць недружалюбных краін, а таксама арганізацый і асобных фізічных асоб з гэтых дзяржаваў. Гэта прадугледжвае спецыяльны закон, які падпісаў Аляксандр Лукашэнка.