Жыхару Кобрына вынеслі прысуд за злоснае хуліганства — ён страляў з балкона з пнеўматычнага пісталета па дзецях, якія гулялі на дварэ, паведамілі ў прэс-службе суда.
У снежні мінулага года кобрынец выйшаў на балкон сваёй кватэры і, «выказваючы беспадстаўна неапраўданую агрэсію і ўсёдазволенасць, дзейнічаючы з выключным цынізмам», 17 разоў стрэліў з пнеўматычнага пісталета па дзецях 10 і 11 гадоў, што гулялі на дварэ.
У дачыненні да яго распачалі крымінальную справу за злоснае хуліганства (ч. 3 арт. 339 КК) і асудзілі на пазбаўленне волі. Паколькі мужчына ўжо меў судзімасць і не цалкам адбыў папярэдняе пакаранне, агульны тэрмін склаў чатыры гады калоніі ўзмоцненага рэжыму. Пісталет у яго канфіскавалі.
Прысуд не ўступіў у законную сілу і можа быць абскарджаны.