У ноч на 5 верасня расійскія дроны «Шахед» заляцелі ў Беларусь з Чарнігаўскай вобласці. У Баранавічах у неба паднялі знішчальнікі, у Гомельскім раёне былі чуваць выбухі. Як мінімум адзін збіты беспілотнік упаў у Гомелі, паведамляюць маніторынгавы праект «Беларускі Гаюн» і «Флагшток».
Як паведамляе «Беларускі Гаюн» са спасылкай на ўкраінскія тэлеграм-каналы, прыкладна ў 01.08 5 верасня два дроны-камікадзэ зайшлі ў Гомельскую вобласць з Чарнігаўскай вобласці Украіны. «Шахеды» ляцелі ў напрамку Гомеля.
Каля 01.30 з аэрадрома ў Баранавічах у неба быў узняты дзяжурны знішчальнік.
Ужо ў 01.34 і 01.36 у Гомельскім раёне чулі два гукі выбухаў — гэта збівалі беспілотнікі.
«Паводле папярэдняй інфармацыі, людзі чуюць і бачаць антыдронавую працу ў небе над Беларуссю», — паведамляе канал.
«Флагшток» апублікаваў відэа, у якіх, як сцвярджаецца, гарыць і падае адзін з збітых над Гомелем «Шахедаў».
Як піша канал са спасылкай на дадзеныя геалакацыі і мясцовыя чаты, папярэдняе месца падзення рэшткаў аднаго са збітых дронаў — Навабеліцкі раён у квартале завулкаў 6-ы і 8-ы Ільіча. Недалёка ад гэтага месца на вул. 3-й Транзітнай пажарныя тушылі невялікае ўзгаранне.
Яшчэ адзін пажар патушылі ў тым самым раёне ў прыватным сектары.
У 02.20 у Баранавічах быў узняты другі знішчальнік Ваенна-паветраных сіл Беларусі і скіраваўся на паўднёвы ўсход, а ў 02.28 у паветраную прастору нашай краіны заляцеў яшчэ адзін дрон у бок Хойнікаў. Яго збівалі над Гомельшчынай.
Нарэшце, чарговы знішчальнік пайшоў на ўзлёт з Баранавічаў у 03.10 — тады ж у Гомельскую вобласць заляцеў яшчэ адзін дрон курсам на Брагін.
Паводле інфармацыі «Беларускага Гаюна», раніцай 5 верасня ўзброеныя сілы Беларусі шукаюць ракеты, якія не разарваліся ў памежных з Украінай раёнах Гомельскай вобласці. Хутчэй за ўсё, гаворка ідзе пра ракеты, якімі спрабавалі збіваць беспілотнікі.
Усяго, паводле звестак праекта, у Беларусь ноччу заляцелі восем «Шахедаў». З іх два былі збітыя над Гомельскім і Хойніцкім раёнамі, астатнія шэсць вярнуліся ва Украіну ці прапалі без вестак.
Імаверна, па беспілотніках працавала падраздзяленне 1530-га зенітнага ракетнага палка УС РФ (в/ч 31 458, на ўзбраенні — ЗРК С-400, ЗРПК «Панцыр»), якое дыслакуецца на аэрадроме «Зябраўка» (Гомельскі раён), паведамляе «Беларускі Гаюн». Такім чынам, гэта, магчыма, першы выпадак працы ў беларускім небе расійскай СПА па сваіх «Шахедах».
Напярэдадні, увечары 4 верасня, украінскія вайскоўцы паведамілі пра масіраваны запуск дронаў з паўночнага ўсходу на цэнтральныя і ўсходнія вобласці краіны.
Нагадаем, паводле звестак маніторынгавага праекта, напярэдадні ўначы ў Беларусь таксама заляцелі мінімум чатыры «Шахеды», адзін знік на поўначы. У Баранавічах паднімалі знішчальнік.