Масавыя затрыманні дактароў прайшлі ў Наваполацкай цэнтральнай гарадской бальніцы, куды прывозілі на шпіталізацыю палітвязня Віктара Бабарыку. Пра гэта паведаміў тэлеграм-канал медыцынскай ініцыятывы «Белыя халаты».
Паводле звестак медыкаў, былі затрыманыя хірург Міхаіл Пачкоўскі (15 сутак арышту), уролаг Павел Стальмакоў (15 сутак), фельчар Наталля Первянёнак (10 сутак), доктар УГД-дыягностыкі Ала Стальмакова (штраф 100 базавых велічыняў), загадчык аддзялення гінекалогіі Ірына Васільева (10 сутак).
Як развівалася сітуацыя з Бабарыкам
Увечары 26 красавіка з’явілася інфармацыя пра тое, што Віктар Бабарыка, вязень ПК-1 Наваполацка, у ноч на 25 красавіка быў шпіталізаваны ў гарадскую бальніцу — нібыта са слядамі збіцця і пнеўматораксу. Раніцай 27 красавіка блізкім палітыка ўдалося пацвердзіць факт яго шпіталізацыі ў хірургічнае аддзяленне. Дзяржорганы каментаваць сітуацыю адмовіліся.
27 красавіка штаб Віктара Бабарыкі паведаміў, што экс-банкір заставаўся ў шпіталі, яго не збіраліся некуды перавозіць, бо транспартаванне было жыццёва небяспечнае. Аднак у наступныя дні пра дакладнае месцазнаходжанне Бабарыкі ў яго камандзе не ведалі, убачыць яго не ўдалося. 29 красавіка прадстаўнік адміністрацыі папраўчай калоніі заявіў, што зняволены Бабарыка «жывы і здаровы» і працягвае адбываць сваё пакаранне. Аднак ніякіх пацверджанняў гэтым словам у сілавых структурах не прывялі. 2 траўня сваякі Віктара Бабарыкі спрабавалі трапіць на прыём да кіраўніцтва Дэпартамента выканання пакаранняў (ДВП) МУС. У прыёме адмоўлена.
12 траўня праваабаронцы паведамілі, што, паводле папярэдняй інфармацыі, ён больш не лічыцца ў сваім атрадзе ў ПК-1 у Наваполацку. Пазней з’явілася інфармацыя, што Віктар Бабарыка знаходзіцца ў бальніцы ў СІЗА на Валадарскага. Але родным яе не пацведзілі.