Сцэнары выпускных вечароў у сталічных школах будуць мець «ідэалагічную аснову», а самі святы пройдуць без лішняй раскошы, як і запатрабаваў Аляксандр Лукашэнка. Пра гэта расказаў агенцтву «Мінск-Навіны» старшыня камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама Андрэй Стрыгельскі.
Для выпускнікоў 9-х і 11-х класаў апошні званок празвініць 25 траўня. Для тых, хто заканчвае ступень агульнай сярэдняй адукацыі, запланаванае вялікае гарадское свята. Урачыстае мерапрыемства адбудзецца ў «Мінск-Арэне» і збярэ больш за 11 тысяч выпускнікоў 11-х класаў.
— Увечары дзяўчат і хлопцаў чакае насычаная культурна-забаўляльная праграма. Таксама кіраўніцтва горада падрыхтавала сюрпрыз — выступ вядомага выканаўцы, — адзначыў Андрэй Стрыгельскі.
Цырымоніі развітання са школай для дзяцей, якія заканчваюць 11 класаў, пройдуць у сценах родных установаў адукацыі 14 чэрвеня. Выпускныя вечары пачнуцца ў 20.00−21.00 з урачыстай часткі, дзе дзецям уручаць атэстаты і сертыфікаты цэнтралізаванага экзамену.
— Мы арыентуем педагагічныя калектывы на тое, каб сцэнары вечароў мелі і ідэалагічную аснову. Такія тэмы, як 80-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, Год якасці, знойдуць свой адбітак у свяце, — сказаў Андрэй Стрыгельскі
Выпускныя вечары арганізаваныя ў сценах родных школ і гімназій. Але ёсць выключэнні. Напрыклад, у некаторых праводзяцца рамонтныя работы, і вучні займаюцца ў іншых установах адукацыі, альбо ўмяшчальнасць актавых залаў не дазваляе паўнавартасна правесці свята. У гэтых выпадках выпускныя арганізуюць на пляцоўках установаў культуры, дадатковай адукацыі.
— І гэта ніякім чынам не забаўляльныя ўстановы — ні рэстараны, ні кавярні, — падкрэсліў Андрэй Стрыгельскі. — Выпускны вечар — гэта перш за ўсё рытуал развітання са школай, у якой дзеці прабавілі 11 гадоў свайго жыцця. Гэта душэўнае, цёплае, хатняе свята.
Андрэй Стрыгельскі падкрэсліў, што выпускны вечар плануецца сумесна з настаўнікамі, дзецьмі і бацькамі.
— Пра нейкія канкрэтныя забароны ў правядзенні свята гаворкі не ідзе. Камітэт па адукацыі рыхтуе рэкамендацыі што да арганізацыі ўрачыстай даты. Правільна сказаў кіраўнік дзяржавы пра тое, што неабгрунтаваная празмернасць, якая мяжуе з раскошай, недарэчная, — адзначыў А. Стрыгельскі. — Сёння ўстановы адукацыі актыўна рыхтуюцца да ўрачыстасці, і ніякіх лімузінаў ніхто не плануе. Безумоўна, бацькі дэманструюць пэўную ініцыятыву. Нашая задача — не дапусціць неабгрунтаваных збораў грашовых сродкаў на правядзенне выпускных вечароў. Гэтыя рэчы кантралююцца кіраўніцтвам школ, праводзіцца адпаведная праца з бацькоўскім, апякунскім камітэтамі. Выпускны вечар не мусіць станавіцца мерапрыемствам, затратным для сямейнага бюджэту. Вучні рыхтуюць святочныя вобразы. Гэта таксама выдаткі для сям'і. Таму прыцягваць нейкія рэсурсы — артыстаў, дыджэяў — не трэба. Больш за тое, яны не ведаюць ні традыцый школы, ні дзяцей, ні педагогаў. Таму не змогуць стварыць душэўную, цёплую атмасферу.
Чыноўнік адзначыў, што Камбінат школьнага харчавання (КШХ) прапануе выпускное меню. І гэта, на яго думку, «зручная форма арганізацыі харчавання падчас урачыстага вечара».
— Гэта прымальны варыянт для гарантыі ў першую чаргу бяспечнага харчавання. Фактычна з верасня загадчыкі вытворчасцю разам з дзецьмі і бацькамі абмяркоўваюць меню, прапануюць розныя варыянты закусак і нават гарачых страваў. Пераважная большасць установаў адукацыі акурат будзе карыстацца паслугамі КШХ. Улічваюцца ўсе пажаданні школьнікаў, — расказаў Андрэй Стрыгельскі.
Чыноўнік падкрэсліў, што забаўляльная праграма ва ўстановах адукацыі завершыцца бліжэй да світання.
— Выпускнікі выйдуць альбо на тэрыторыю школы, альбо за яе межы — у лесапаркавую зону, на набярэжную — і сустрэнуць світанак. Супрацоўнікі міліцыі забяспечаць ахову грамадскага парадку. Маршруты вучняў узгодненыя загадзя. Гэта добрая традыцыя, ад якой не адмаўляецца фактычна ніводная нашая школа і гімназія, — звярнуў увагу Андрэй Стрыгельскі.
Нагадаем, сціплей адзначаць выпускныя вечары запатрабаваў Аляксандр Лукашэнка падчас паездкі ў Магілёўскую вобласць. Палітык адзначыў, што да святкавання ў рэстаранах з паездкамі на лімузінах ён ставіцца «вельмі негатыўна».
— Гэта мусіць быць свята, куды ідуць дзяўчына, хлопец, за рукі ўзяўшыся, — калектывам. Паскачуць, світанак сустрэнуць, — сказаў Лукашэнка.
Ён заявіў, што «нельга дапускаць расслаення», а ўлады робяць усё для таго, «каб стварыць для навучання ў школе роўныя магчымасці».
— Гэтага трэба прытрымлівацца, і нельга пасля заканчэння агульнаадукацыйнай сярэдняй школы рабіць тое, што вы кажаце. Нейкі там «круцяк» табе дапамог ці ты багацейшы — ты лімузін замовіў, прыехаў твой малы ў школу. А як іншыя глядзяць? А як бацькі глядзяць? Гэта няправільна. Я публічна кажу: нам нельга гэта культываваць, нельга нам гэта падтрымліваць. Гэта кепска, — дадаў ён.