Пагаварылі з беларускімі, якія часта падарожнічаюць адны. Вось што ім даводзіцца трымаць у галаве, каб не нарвацца на непрыемнасці
Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
Читать по-русски


Падарожжы, якія арганізаваныя без дапамогі турагенцтваў і выходзяць за рамкі гатэляў «усё ўключана», могуць быць даволі непрадказальнымі. Тым больш калі гаворка ідзе пра жанчыну без спадарожнікаў — у такім выпадку акрамя забаваў важна думаць пра ўласную бяспеку. «Люстэрка» паразмаўляла з беларускамі, якія не раз ездзілі за мяжу адны, каб распытаць іх пра адчуванні ад сола-падарожжаў і важныя правілы іх арганізацыі.

Изображение носит иллюстративный характер. Фото: pexels.com / Haley Black
Выява мае ілюстрацыйны характар. Фота: pexels.com / Haley Black

Імёны суразмоўніц змененыя з меркаванняў бяспекі.

«Дзякуючы знаёмствам у мяне нават змяніўся першапачатковы маршрут»

23-гадовая Варвара пачала падарожнічаць адна ў студэнцкія гады. Дзяўчыне толькі-толькі споўнілася 19 гадоў, як яна вырашыла, што хоча з’ездзіць у Стамбул. Бацькі не змаглі скласці кампанію, сябры — таксама. Так што студэнтка паляцела сама — ды яшчэ і абмежаваная ў сродках.

— Памятаю, тады ў мяне востра стаяла пытанне жылля. Я паглядзела кошт гатэляў у Стамбуле і зразумела, што грошай на іх мне не хопіць. На ўсю дзесяцідзённую паездку ў мяне было толькі 700 еўра, 300 з іх я мусіла аддаць толькі за пералёты. Тады пачала шукаць варыянты і натыкнулася на каўчсёрфинг (платформа, дзе людзі даюць падарожнікам з усяго свету бясплатны начлег. — Заўв. рэд.), — расказвае суразмоўніца. — У каўчсёрфінгу ёсць велізарны плюс для сола-падарожнікаў — там можна знайсці не толькі месца пераначаваць, але і чалавека, які пазнаёміць са сваім родным горадам. Дзякуючы такім знаёмствам у мяне нават змяніўся першапачатковы маршрут па Турцыі, запланаваны яшчэ ў Беларусі.

Калі Варвара апынулася ў Стамбуле, ёй тут жа пачалі пісаць людзі з розных турэцкіх гарадоў з прапановай спыніцца ў іх. Але, як успамінае дзяўчына, у асноўным рабілі гэта мужчыны.

— За час паездак я заўважыла, што мужчыны нібыта актыўнейшыя на каўчсёрфінгу. Калі прыкінуць у працэнтах, то з агульнай колькасці запытаў мне прыйшло ўсяго 10% ад жанчын, — ацэньвае беларуска. — Як я зразумела з перапісак, дзяўчаты, якія прапануюць начлег, на гэтай платформе карыстаюцца вялікім попытам, таму часта ўжо некага прымаюць, даўжэй адказваюць на твой запыт і рэдка самі прапануюць застацца ў іх. Вядома, спачатку было страшна адгукацца на прапановы мужчын. Усё ж першы досвед каўчсёрфінгу ў новай для мяне, пераважна мусульманскай краіне, ды яшчэ і размаўляць трэба па-англійску. Але я вырашыла рызыкнуць і настройваць сябе на пазітыў. У выніку не пашкадавала.

Як адзначае Варвара, у такім фармаце падарожжаў асабліва важна думаць пра ўласную бяспеку і кожны раз пралічваць «шляхі адыходу».

— Асноўныя правілы для падарожніцы: па-першае, загадзя паглядзець, ці ёсць побач з адрасам, па якім цябе гатовыя прыняць, гатэлі ці хостэлы на выпадак некарэктных паводзін гаспадара ці гаспадыні кватэры. Варта адразу шукаць магчымыя выхады, каб не цярпецьнекамфортны стан і не хвалявацца, што застанешся начаваць на вуліцы. Па-другое, трэба заўсёды мець у кішэні капейчыну, каб былі сродкі сысці ў гатэль, — заўважае суразмоўніца. — Я б рэкамендавала разлічваць грошы так, каб у любы момант заставалася на аплату жылля і жыцця ў краіне знаходжання да твайго зваротнага білета.

Изображение носит иллюстративный характер. Фото: pexels.com / Torsten Dettlaff
Выява мае ілюстрацыйны характар. Фота: pexels.com / Torsten Dettlaff

Цяпер Варвара ўжо дасведчаная падарожніца. Акрамя Турцыі і паездак па розных гарадах Польшчы, Літвы і Латвіі за чатыры гады яна паспела ў адзіночку аб’ездзіць Нідэрланды і пабываць у двух гарадах Бельгіі. Але для тых, хто толькі хоча пачаць ездзіць, суразмоўніца называе і трэці пункт правілаў — купля мясцовай сім-карты.

— Калі ты падарожнічаеш адна, важна трымаць сувязь з сябрамі ці сваякамі, расказваць пра планы ці даваць людзям геапазнакі з тваім месцазнаходжаннем, каб іншыя ведалі, дзе ты і ці жывая наогул. Першы час для гэтага я купляла мясцовыя сім-карты з пакетам інтэрнэту, а пазней, калі пачала катацца па краінах Еўрасаюза, пачала больш спадзявацца на публічныя пункты Wi-Fi, — кажа беларуска. — Цяпер лягчэй знайсці бясплатны інтэрнэт, так што мабільны нават не заўсёды патрэбны.

Нягледзячы на тое, што Варвара ўжо не студэнтка, яна і цяпер аддае перавагу таму, каб спыняцца ў розных краінах па каўчсёрфінгу. Пры гэтым, як яна адзначае, хваляванне перад кожнай паездкай не меншае. У такім выпадку Варвары моцна дапамагаюць папярэднія размовы з людзьмі, якія гатовыя яе прыняць.

— Мне здаецца, што нават з перапіскі можна зразумець, наколькі чалавек адэкватны і якія ў яго чаканні ад вашай сустрэчы. Асабліва важна гэта счытваць, калі ты жанчына, — падкрэслівае беларуска. — Бо нам, як я ўжо сказала, звычайна паступае вельмі шмат запытаў на каўчсёрфінгу, ад хлопцаў у першую чаргу. Так што калі мужчына з ходу прапануе перайсці ў мэсэнджары або піша дзіўныя рэчы — гэта званочак.

Варвара раіць звяртаць увагу на словы, якія падбіраюць новыя знаёмыя, і не «забіваць» на непрыемныя адчуванні ад іх, калі такія ўзнікаюць.

— Калі ў размове чалавек, які прапануе начлег, звяртаецца да цябе honey, dear ці my love, піша miss you («салодкая», «дарагая», «каханне маё», «сумую». — Заўв. рэд.), не адказвае на пытанні пра ўмовы начоўкі, пра сябе або пераходзіць межы, распытваючы пра асабістае жыццё, то лепш не мець з ім справаў, — прыводзіць прыклады Варвара. І ўспамінае: — У мяне была пара такіх выпадкаў у Турцыі, і я зладзіла цэлы адбор, прыслухоўвалася да інтуіцыі. З адным хлопцам мы нават доўга перапісваліся, ён здаваўся адэкватным і цалкам прыемным, але потым часта пачаў пісаць пра тое, як чакае нашай сустрэчы, і не даваў дакладнага размяшчэння кватэры. Мяне гэта пачало бянтэжыць, так што вырашыла не рызыкаваць — выбрала іншага.

«Калі батарэя разраджаецца, адразу ж еду ў кірунку хостэла»

У першае сола-падарожжа 24-гадовая Юлія паехала чатыры гады таму. Адразу пасля заканчэння ўніверсітэта дзяўчына вырашыла з’ездзіць у адпачынак у Санкт-Пецярбург, але ніхто з сяброў не змог скласці ёй кампанію. Тады яна вырашыла не губляць шанец і паехаць самой.

— Мне здаецца, калі нешта кепскае мусіць адбыцца, то яно адбудзецца і дома, так што і першы, і наступныя разы я ездзіла без ваганняў. Цяпер магу сказаць, што кожны год выязджаю кудысьці адна, а летась падарожнічала нават двойчы, — расказвае Юлія. — Сола-падарожжы зацягваюць: пасля жыцця ў хостэлах, магчымасці ўбачыць за адну паездку кучу гарадоў і мноства новых знаёмстваў ўжо не ўяўляю, як паехаць у падарожжа з кімсьці і падладжваць асабісты графік, праграму пад іншага чалавека, шукаць кампрамісы.

Пры гэтым саму сябе суразмоўніца называе вельмі асцярожным чалавекам, месцамі «нават баязліўкай», таму ў навакольных часта ўзнікае дысананс: як ёй удаецца аб’язджаць свет адной, калі здаецца, што вакол так шмат небяспекі.

— Проста я не ўспрымаю падарожжа як нешта страшнае або няпэўнае. Яны адчуваюцца хутчэй як магчымасць прачнуцца і пайсці піць каву ў новым месцы, без лішняга стрэсу, — расказвае суразмоўніца. — Але варта сказаць, што гэта працуе толькі ў краінах, дзе я адчуваю сябе ў бяспецы. Напрыклад, я тройчы бывала ў Стамбуле і вельмі люблю гэты горад, але вечарамі не заўсёды і не ва ўсіх раёнах адчувала сябе камфортна. З улікам таго, што я дзяўчына славянскага выгляду, месцамі бывае некамфортна ад залішняй, бестактоўнай увагі мясцовых мужчын.

Изображение носит иллюстративный характер. Фото: pexels.com / Serdar Göksu
Выява мае ілюстрацыйны характар. Фота: pexels.com / Serdar Göksu

За гады самастойных паездак па Турцыі, Італіі, Іспаніі, Францыі і Партугаліі Юлія акрэсліла для сябе цэлы збор правілаў, якіх абавязкова прытрымліваецца, дзе б ні апынулася.

— Быць на сувязі — важны пункт любога падарожжа, так што я заўсёды падключаю інтэрнэт. Звычайна купляю такія электронныя сім-карты, якія працуюць ва ўсіх краінах Еўропы, каб не хвалявацца пра пошук мясцовага нумара. Да гэтага трэба дадаць правіла пра зарад тэлефона, — кажа беларуска. — Я заўсёды сачу, каб яго было дастаткова, а калі раптам батарэя разраджаецца, а падлучыцца да сеткі магчымасці няма, то адразу ж еду ў кірунку хостэла, каб там яго зарадзіць і зноў паехаць гуляць. А сёлета я яшчэ рабіла спіс для бацькоў з апісаннем, дзе планую быць. Там прапісала па днях, у якіх гатэлях буду спыняцца, усё з нумарамі тэлефонаў і спасылкамі, каб яны мелі ўяўленне пра мае перасоўванні.

Негалосныя правілы Юлія завяла і для зносін з людзьмі падчас паездак. Паводле яе, асабістая бяспека заўсёды даражэйшая за патэнцыйна цікавую гутарку.

— Калі з’яўляецца нават мінімальнае пачуццё трывогі падчас размовы з чалавекам, то я не камунікую з ім ці не раблю таго, што мне прапануюць. Напрыклад, калі да мяне падыходзяць знаёміцца на вуліцах у падарожжах, то часта адмаўляю. Можа, чалавек планаваў бяскрыўдна пагутарыць, але раптам не? Ты ніколі не ведаеш напэўна, што ў іншых у галаве. Хоць, калі выходзіш з зоны камфорту, атрымліваеш самыя яркія эмоцыі і ўспаміны, — разважае суразмоўніца. — Ведаю, гучыць супярэчліва, але пад гэтым «выхадам» я хутчэй маю на ўвазе магчымасць загаварыць з людзьмі, якія таксама жывуць у хостэле.

На думку дзяўчыны, менавіта новыя знаёмствы і досвед вабяць сола-падарожнікаў у хостелы, і эканомія грошай не заўсёды грае галоўную ролю.

— Калі я ўпершыню спынялася ў Стамбуле, то пазнаёмілася з хлопцам з Нідэрландаў. Памятаю, ён вельмі здзівіўся, што я спынілася ў хостэле, а не ў гатэлі, хоць прыехала ў краіну адна. Я тады адказала, што магу дазволіць сабе і гатэль, проста не хачу. А ён усміхнуўся і сказаў, што ён таксама можа, але ездзіць у хостэлы па атмасферу. Ён абсалютна меў рацыю, бо калі выбраць правільнае месца з культурнай праграмай, то табе не давядзецца зусім нічога рабіць, каб з кімсьці пазнаёміцца, — тлумачыць Юлія. — Я неяк убачыла фразу «Ты падарожнічаеш у адзіночку, але ты ніколі не самотны», і гэта так, калі быць адкрытымі свету. Напрыклад, аднойчы ў Рыме я заехала ў хостэл адна, а ўжо ўвечары там сабралася вялікая кампанія з 15 чалавек разам са мной. На вячэру ў рэстаран мы заходзілі незнаёмцамі, а выйшлі добрымі сябрамі. Мы дагэтуль трымаем сувязь.

Цяпер Юлія не ў адносінах. І прызнаецца, што, пакуль у яе няма партнёра, яна хоча паспець павандраваць адна ўдосталь.

— Бывалі моманты, калі перажывала, што не магу знайсці партнёра, але тады я нават супакойвала сябе, што наўзамен магу ўбачыць тое, што ў адносінах не ўбачыла б. Для сябе не бачу варыянту пакідаць партнёра дома і з’язджаць зноў у сола-паездку. Ды і мне б самой не спадабалася, калі б мяне так пакідалі, — усміхаецца Юлія. — Таму цяпер я падарожнічаю самастойна так шмат, наколькі гэта магчыма, а потым ужо, разам з партнёрам, буду мяняць фармат сваіх падарожжаў. Магчыма, пачну спыняцца ў гатэлях, дзе ў асноўным і жывуць сем'і і пары.

Чытайце таксама